Avsnitt

  • Менш чым за два тыдні стала вядома пра закрыццё адразу трох вядомых брэндаў, якія працавалі з беларускай культурнай ідэнтычнасцю, — Honar, Ragna і LSTR. Амаль адначасова з'явілася навіна і пра адмену найбуйнейшага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі "Наш Грунвальд". Гэта лёгка ўспрыняць як шэраг не звязаных паміж сабой падзей. Але ці сапраўды гэта проста супадзенне?

    Ці можна ўжо казаць пра сістэмны наступ на беларускасць — праз мову, адукацыю, культуру, святы і сімвалы? Што адбываецца з беларускай ідэнтычнасцю, калі звужаецца прастора для яе праяўлення? І галоўнае — што могуць зрабіць самі беларусы, каб беларускасць не ператварылася ў музейны экспанат або выключна эмігранцкі праект?

    Пра гэта і не толькі гаворым з філосафам і грамадскім дзеячам Паўлам Баркоўскім у жывым эфіры Еўрарадыё

  • Святлана Ціханоўская заявіла, што не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Ці азначае гэта, што тэма выбараў наогул сыходзіць з беларускай павесткі? Тым часам новы склад Каардынацыйнай рады яшчэ не паспеў як след распачаць працу, але ўжо сутыкнуўся з крытыкай. А наперадзе — Канферэнцыя новай Беларусі, ад якой чакаюць не толькі дыскусій, але і новых ідэй.

    Ці своечасовая заява Ціханоўскай? Што не так з працай новай Каардынацыйнай рады? Ці можна вярнуць выбары ў беларускую павестку, ажывіць актыўнасць беларусаў за мяжой і наблізіць момант, калі вымушаныя эмігранты змогуць бяспечна вярнуцца дадому?

    Пра гэта і не толькі гаворым з дарадцам Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам у жывым эфіры Еўрарадыё

  • Кашуля "ад Лукашэнкі" нечакана дайшла і да храма: у адным з праваслаўных прыходаў немаўля пасля хрышчэння апранулі ў белую кашулю, падораную ў межах прапагандысцкай акцыі "Трэці — бацькаў". Тым часам у эфіры Беларускага радыё змянілі сетку трансляцый: каталіцкая імша засталася на першым канале, але знікла з радыёканала "Культура", дзе яе гадамі слухалі многія вернікі. Здавалася б, гэта розныя гісторыі. Але абедзве яны пра тое, як дзяржава ўсё больш актыўна ўваходзіць у прастору, якая традыцыйна належыць рэлігіі.

    Дзе заканчваецца натуральнае супрацоўніцтва дзяржавы і рэлігійных супольнасцей, а дзе пачынаецца выкарыстанне веры для палітычных мэт? Чаму ўлады імкнуцца абапірацца на рэлігійныя сімвалы і аўтарытэт царквы — і ці толькі Беларусь і Расія ідуць гэтым шляхам? Як рэлігію выкарыстоўваюць для падтрымкі дзяржаўнай ідэалогіі ў розных краінах свету, у тым ліку ў ЗША пры Дональдзе Трампе? І што насамрэч азначае паняцце "свецкая дзяржава" — ці сапраўды гэта дзяржава, у якой няма месца рэлігіі, ці ўсё якраз наадварот?

    Пра гэта і не толькі гаворым са святаром Аляксандрам Кухтам у жывым эфіры Еўрарадыё

  • Паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Шклоўскі раён атрымалася паказальнай. Размовы пра мадэрнізацыю райаграсэрвісаў нечакана суседнічалі з чарговым заклікам масава пераходзіць на ацяпленне пелетамі, а прыродны газ пакінуць "на ўсялякі выпадак".

    На фоне дэфіцыту працоўных рук улады тым часам ужо шукаюць новых мігрантаў — цяпер ва Узбекістане. І ўсё гэта адбываецца на фоне росту цэн, скарачэння золатавалютных рэзерваў і ўсё больш прыкметнай эканамічнай канцэнтрацыі краіны вакол Мінска.

    Чаму ўлады зноў робяць стаўку на райаграсэрвісы і ці ёсць у такой мадэлі будучыня? Навошта Беларусі працоўныя мігранты з Узбекістана пасля таго, як гісторыя з Пакістанам так і не атрымала працягу? Што адбываецца з інфляцыяй пасля частковага вываду тавараў з-пад цэнавага рэгулявання, чаму так рэзка падаражэла бульба і як на сітуацыю ўплывае чарговае павышэнне коштаў на паліва? Пра што сведчыць змяншэнне золатавалютных рэзерваў, і чаму свежая статыстыка па бізнесе ўсё больш нагадвае гісторыю пра "краіну аднаго горада"?

    Пра гэта і не толькі гаворым з эканамісткай Анастасіяй Лузгіной у жывым эфіры Еўрарадыё.

  • Хто сёння вызначае, што лічыцца нармальным, а што — недапушчальным? Як жарты, рэклама і медыя нармалізуюць аб'ектывацыю жанчын? Чаму ўжо ў дзевяць гадоў дзеці ведаюць словы, якімі можна прынізіць дзяўчынку?

    Што мерч да Года беларускай жанчыны насамрэч расказвае пра стаўленне ўладаў да жанчын? І што гісторыя са злітай перапіскай Ксеніі Сабчак адкрывае не толькі пра яе саму, але і пра тое, як сёння працуюць цэнзура, самацэнзура і адносіны паміж медыя і ўладай?

    Абмяркоўваем гэта ў новым выпуску Gender Gap з даследчыцай медыя, улады і гендару Ірынай Сідорскай

  • У той час, як еўрапейскія структуры і палітычныя арганізацыі асобных краін ЕС прымаюць рэзалюцыі і даклады пра стан рэпрэсій унутры Беларусі і транснацыянальны пераслед апанентаў Лукашэнкі, частка беларускіх дэмсіл выступае за пачатак дыялогу паміж ЕС і Мінскам. Маўляў, амерыканцы запусцілі перамоўны працэс, які мае вынікі ў выглядзе вызвалення палітвязняў, і Еўропе варта далучыцца да гэтага трэку. Змяніць сваю стратэгію. І калі палітыкі нешта мяняць без адпаведных сігналаў з Мінска не гатовы, то бюракраты пачынаюць мяняць сваё стаўленне да “беларускага кейса”. Не ў лепшы для беларусаў бок — адмаўляючы ў міжнароднай абароне на падставе таго, што “рэпрэсій больш у Беларусі няма”.

    Ці варта некалькі выпадкаў адмоў з такой аргументацыяй успрымаць як змену ў міграцыйнай палітыцы асобных краін не на карысць палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі? Ці можна сцвярджаць, што гэта — вынік, у тым ліку, дзейнасці і тых, хто заклікае Еўропу да дыялогу з рэжымам Лукашэнкі? Ці павялічылася пагроза суседнім краінам з боку Беларусі, і ці будзе працягвацца санкцыйны ціск на рэжым? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з прадстаўніком ініцыятывы BELPOL Уладзімірам Жыгарам.

  • 10 ліпеня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў: украінская выведка фіксуе развіццё вайсковай інфраструктуры ў памежных раёнах Беларусі. Пры гэтым, паводле яго слоў, Расія працягвае аказваць ціск на Беларусь, каб схіліць яе да больш актыўнага ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Але ж усяго некалькі дзён перад гэтым мы чулі словы пра тое, што “Мінск прыслухаўся да заўваг з Кіева”, што “эскалацыя нікому не патрэбная” і што “Лукашэнка разумее небяспеку”…

    Што магло прымусіць Украіну ізноў вярнуцца да тэмы пагрозы на мяжы з беларускага боку, і ці можна лічыць агучаныя прадстаўніком памежнай службы звесткі новымі? Ці варта чакаць новых ультыматумаў у адрас Лукашэнкі, і пры чым тут нядаўні саміт НАТО? Як на сітуацыю могуць паўплываць ЗША, Кітай і дэмсілы? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст.

  • Расійскі мільярдэр Андрэй Мельнічэнка апублікаваў у часопісе The Economist артыкул, у якім заклікае пасля завяршэння вайны Расіі супраць Украіны стварыць новую сістэму бяспекі ў Еўропе з удзелам… Масквы. У артыкуле шмат разваг пра “суверэнітэт Расіі”, сусветную бяспеку і пагрозы ў выпадку развалу Расіі. Мільярдэр заклікае адысці ад краю бездані, а потым ужо разбірацца, хто правы, а хто вінаваты.

    Ці сапраўды развал імперыі, якой, па сутнасці, сёння імкнецца заставацца Расія, нясе пагрозу ўсяму свету, і ці першая гэта імперыя, якой наканавана знікнуць? Ці магчыма проста адысці “ад краю бездані” і такім чынам вырашыць праблему імперскіх амбіцый ды рэваншысцкіх настрояў у Расіі? Які лёс у выпадку захавання Расіі ў нязменным стане чакае яе суседзяў, і асабліва Беларусь? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з кандыдатам гістарычных навук Яўгенам Красуліным

  • Увечары 11 ліпеня ў сваім доме ў Вашынгтоне раптоўна пайшоў з жыцця сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм. Амерыканскі палітык, які быў прыхільнікам жорсткай знешняй палітыкі ЗША, выступаў за дэмакратычныя перамены ў Беларусі, падтрымліваў Украіну ў супрацьстаянні ваеннай агрэсіі РФ і Ізраіль у яго барацьбе за выжыванне. Прычынай смерці называецца сардэчны прыступ. Але такая раптоўная смерць міжволі выклікае шмат падазрэнняў і канспіралагічных версій.

    Якой была пазіцыя Грэма адносна рэжыму Лукашэнкі і як яго раптоўную смерць каментуюць палітыкі і спецслужбы? Ці стане Крамлю (а магчыма, і Мінску) прасцей дамаўляцца з Вашынгтонам без Грэма, і ці мае гэта значэнне для перамоўнага трэку ЗША з Мінскам? Ці атрымаецца ў Лукашэнкі замяніць беларусаў узбекамі, а ў Трампа — знайсці новых “добрых хлопцаў” у Іране для новых перамоў? Гэтыя ды іншыя тэмы абмяркоўваем у штотыднёвым жывым эфіры Еўрарадыё з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.

  • Адмовы ў наданні заяўнікам з Беларусі міжнароднай абароны здараліся ў Польшчы і раней. І адмовы былі аргументаваны альбо адсутнасцю падстаў для надання заяўніку такога статусу, альбо слабай доказнай фактурай пераследу ці небяспекі. Але адмовы, якія атрымалі беларусы, што падаваліся на міжнародную абарону апошнім часам, выклікалі перасцярогі ў юрыстаў. Прычына ў тым, што адмаўлялі на падставе… паляпшэння палітычнай сітуацыі ўнутры Беларусі.

    Ці сапраўды заяўнікам на міжнародную абарону пачалі прыходзіць адмоўныя рашэнні з такім агрунтаваннем: паляпшэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі? Што дае падставы выносіць такія рашэнні і што на гэта кажа кіраўніцтва міграцыйнай службы? Як змяняецца стаўленне да ўцекачоў з Беларусі, і што дэмсілы могуць зрабіць у гэтай сітуацыі? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк

  • Паміж Іранам і ЗША адбыўся новы абмен ударамі — ЗША білі найперш па іранскіх вайсковых аб’ектах, якія абстрэльваюць Армузскі праліў, перашкаджаючы суднаходству. Іран біў па амерыканскіх базах у суседніх краінах. Гэта сітуацыя дае магчымасць Трампу ў чарговы раз перамагчы Іран. У гэты ж час у Анкары прайшоў чарговы саміт краін НАТО. Выглядае на тое, што пачалося перафармаціраванне гэтага альянсу пад уплывам вайны ва Украіне. А Францыя пачала рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў з удзелам Марын Ле Пэн…

    Што адбываецца ў Персідскім заліве, і ці варта было разлічваць на замірэнне з рэжымам аятол? Як краіны НАТО змяняюць альянс і ці здольны ён пасля такіх змен абараніць краіны — удзельніцы альянсу ад пагроз з боку Расіі? Як зменіць палітычны расклад у Еўропе верагодная перамога Марын Ле Пэн ва Францыі і АfD у Германіі? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у штотыднёвым жывым эфіры Еўрарадыё з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам

  • Анансаванага практычна два месяцы таму візіту ў Беларусь спецпрадстаўніка Дональда Трампа Джона Коўла не здарылася дагэтуль. Адпаведна, няма ні неаднаразова ўзгаданай Лукашэнкам “біг дзіл”, ні чаканага вызвалення чарговай групы палітвязняў. Затое ўвесь час няспынна працягваліся рэпрэсіі — новыя затрыманні, прысуды і пераслед па палітычных нагодах. Да ўсяго, дадалася напружанасць у адносінах паміж Кіевам і Мінскам, што выклікала дыскусіі, у тым ліку сярод беларусаў, адносна стаўлення да патэнцыйнага канфлікту паміж Украінай і Беларуссю.

    Ці сталі зразумелымі прычыны затрымкі прыезду Коўла ў Беларусь, і што стаіць за вызваленнем “палітычных” пад 3 ліпеня? Ці пачалі з’яўляцца прыкметы зніжэння ўзроўню рэпрэсій, і што можа сёння прымусіць рэжым на такое зніжэнне пайсці? Чаму дапамога Украіне ў яе супрацьстаянні з рэжымам Лукашэнкі трактуецца Касцюговай як праца не на карысць Беларусі, і чаму Еўропа павінна змяняць сваю стратэгію адносна рэжыму, калі рэжым ніяк змяняцца не жадае? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае сяброўка Кааліцыі за вызваленне палітвязняў у Беларусі Настасся Касцюгова

  • Пакістанцы ў Беларусь не рвуцца. Нават нягледзячы на тое, што ім прапануюць большыя заробкі, чым беларусам. Таму Лукашэнка цяпер кліча ў нашую краіну ўзбекаў. "Каб не пусцела беларуская зямля", — так і сказаў.

    Можа быць, лепш зрабіць што-небудзь, каб вярнуць у Беларусь беларусаў? Дзеля справядлівасці, іх Лукашэнка таксама кліча ў краіну. Але зусім па-іншаму.

    Тым часам сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі ў 2025 годзе ўпаў да 1,026. Хаця яшчэ ў 2017 годзе быў — 1,534.

    Пра гэта ўсё, а таксама пра бясслаўны канец некалі ўзорнага агракомплекса з абасранымі каровамі, пагаворым з блогерам Аляксандрам Кныровічам

  • У сталіцы Турцыі, Анкары, праходзіць чарговы саміт краін НАТО. Ад яго шмат чаканняў. Як шмат пытанняў і да саміх краін — удзельніц альянсу, і да палітыкаў, якія гэтыя краіны ўзначальваюць. Бо занадта шмат назапасілася праблем і гарачых кропак, якія альбо ўжо сёння патрабуюць вырашэння, альбо стануць праблемай бліжэйшым часам. Да прыкладу, калі Расія зладзіць якую-небудзь ваенную правакацыю супраць нейкай з краін НАТО.

    Што на сёння з сябе ўяўляе НАТО, і ці здольны альянс дасягаць мэт, дзеля якіх і ствараўся першапачаткова? Як краіны НАТО рэальна будуць дзейнічаць у выпадку нападу на адну з іх, і як сам альянс ацэньвае здольнасць сваёй рэакцыі? Ці выйдуць ЗША з НАТО і ці здольная Еўропа падтрымліваць фармат еўра-НАТО? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі

  • 4–8 ліпеня ў Гаазе прайшла штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. У працы якой брала ўдзел і дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл. На гэтай сесіі па ініцыятыве шведскага дэлегата Б’ёрна Сёдэра была разгледжана і прынята Рэзалюцыя па Беларусі — “Сітуацыя ў Беларусі ў кантэксце рэгіянальнай бяспекі, транснацыянальных рэпрэсій і правоў чалавека”. І была створана нефармальная група “За дэмакратычную Беларусь”, да яе далучыліся 38 дэлегатаў з 17 краін.

    Чым была адметная сёлетняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ і якія вынікі ўдзелу ў ёй беларускай дэлегацыі? Як чарговая рэзалюцыя еўрапейскіх палітыкаў дапаможа беларусам у вырашэнні іх праблем — як за мяжой, так і ў самой Беларусі? Ці здолее Лукашэнка прапятляць і не ўцягнуць краіну ў пуцінскую вайну ва Украіне, і чаму змена “знешняй рыторыкі” рэжыму не ўплывае на яго ўнутраную палітыку? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан

  • Перасцярогі, выказаныя юрысткай Вольгай Дабравольскай падчас папярэдняга эфіру, спраўдзіліся: зрабіць візу сваякам для чалавека са статусам міжнароднай абароны стала не толькі складана, але і небяспечна з улікам сённяшніх беларускіх рэалій. Але гэтым праблемы беларусаў, якія пражылі ў Польшчы не адзін год, не абмяжоўваюцца. Цяпер яны стаяць перад выбарам: пастаянны від на жыхарства абраць ці статус доўгачасовага рэзідэнта…

    Ці толькі ў недастатковай колькасці супрацоўнікаў консульства ў Мінску праблема з афармленнем віз для сваякоў людзей пад міжнароднай абаронай, і ці магчыма гэтае пытанне вырашыць? Якія адрозненні паміж сталым відам на жыхарства і статусам доўгатэрміновага рэзідэнта? Ці існуе пагроза, што пад дэпартацыю трапяць людзі, якіх пераследуе рэжым, і як такой сітуацыі пазбегнуць? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае магістр права, юрыстка ў галіне легалізацыі знаходжання і працаўладкавання замежнікаў у Польшчы Вольга Дабравольская