Avsnitt
-
У Беларусі завяршаецца ўступная кампанія. Для многіх сем'яў гэта не толькі час выбару, але і час канфліктаў, градус якіх падвышаецца ад страху за тое, што дзіця могуць забраць у армію.
Ці абавязкова паступаць адразу пасля школы? Што рабіць, калі выпускнік яшчэ не разумее, кім хоча быць? І як бацькам падтрымаць дзіця, калі нешта пайшло не па плане, каб не ператварыць няўдачу ў жыццёвую трагедыю?
Тым часам у Польшчы шырокі рэзананс выклікаў выпадак, калі дарослы мужчына некалькі хвілін абражаў і запалохваў у грамадскім транспарце дзяўчат-падлеткаў з Украіны. Мужчына прызнаў віну, і цяпер яму пагражае некалькі гадоў за кратамі, але ў сацсетках знайшліся тыя, хто пачаў шукаць апраўданні агрэсару і вінаваціць саміх дзяўчат.
Чаму грамадства так лёгка перакладае адказнасць з дарослага на дзіця? Дзе заканчваецца “правакацыя” і пачынаецца гвалт? І чаму дарослы чалавек нясе адказнасць за свае паводзіны незалежна ад абставін?
Пра гэта і не толькі ў жывым эфіры Еўрарадыё гаворым з псіхалагіняй і спецыялісткай па метадзе КПТ Ліліяй Хедзінай. -
Узбекі нарабілі шуму, ледзь толькі паспелі прыехаць у Беларусь. Не пабачыўшы абяцаных умоваў і заробкаў, яны пачалі гучна абурацца. І ўмовы, і заробкі адразу ж з'явіліся!
Відаць, яны не чулі, як на "Славянскім базары" Лукашэнка ўгаворваў артыстаў, а разам з імі і іншых беларусаў "не лезці ў палітыку". І палезлі. І аказалася, што так можна хутка і чотка адваяваць сваё.
Пра ўсе гэтыя жарсці, а таксама пра канфлікт паміж першым дарадцам Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам і беларусамі, якія жывуць ва Украіне, размаўляем з блогерам Аляксандрам Кныровічам. -
Saknas det avsnitt?
-
Беларускія падаткавікі пачалі адкрыта пагражаць тым, хто здае нерухомасць, абяцаючы "адміністратыўку" нават за дробныя парушэнні. Тым часам Нацбанк уводзіць новыя абмежаванні на рынках аўто, жылля і турызму, спрабуючы сілай выціснуць валюту з абароту.
Ці сапраўды ўлады "заўважаць кожнага", хто спрабуе зарабіць лішнюю капейку? І ці не ператворыцца прымусовая "дэвалютызацыя" ў чарговы параліч для важных рынкаў, дзе людзі традыцыйна давяраюць толькі долару?
А пакуль беларусам прапануюць зацягнуць паясы, заробкі чыноўнікаў растуць удвая хутчэй, чым у астатніх — на 15,1% супраць 7,5% у сярэднім па краіне. Пры гэтым спроба замяніць беларусаў, якія з'язджаюць, таннай працоўнай сілай з Узбекістана пачынае трашчаць па швах: мігранты ўжо публічна скардзяцца на заробкі і просяць адправіць іх дадому.
Чаму дзяржапарат багацее на фоне агульнага падзення даходаў? Ці змогуць улады ўтрымаць замежных рабочых абяцаннямі, якія не выконваюцца? І што чакае беларускую эканоміку, калі такія бізнесы, як брэнд Honar, спыняюць працу?
Гэтыя і іншыя тэмы абмяркуем у жывым эфіры Еўрарадыё з эканамісткай Алісай Рыжычэнка. -
16 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да волі” і грамадскай арганізацыі “Акцыі беларусаў у Варшаве” Васіль Плешкуноў.
Беларуская нацыя, беларуская дзяржава не зможа існаваць, калі не верне сабе сваё. Пачынаючы ад краіны, дзе пануюць прыхадні з суседняй дзяржавы, і працягваючы сапраўдным буларускім духам нашага народа. Гэта і наша мова, і наша культура, і нашы традыцыі, і наша гісторыя. Але мы мусім не толькі вяртаць, але і развіваць гэтую беларускасць, рабіць яе сучаснай і адпаведнай часу. Ну, і не менш важнае — вярнуць у дзяржаву нашу беларускую справядлівасць, перакананы Васіль Плешкуноў.
Пра тое, чаму нельга спыняцца ў сваім імкненні не проста вярнуцца на радзіму, але і вярнуць сабе тую радзіму, як аднавіць справядлівасць і ці магчыма гэта без люстрацыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Васілём Плешкуновым. -
Улады ўсё часцей гавораць пра штучны інтэлект як пра адну з галоўных тэхналогій будучыні. У Нацыянальнай акадэміі навук запэўніваюць, што ШІ ўжо дапамагае ў сельскай гаспадарцы, медыцыне, працы дронаў і нават распазнае галасы птушак.
Але ці сапраўды Беларусь гатовая да тэхналагічнага рыўка, ці гэта чарговая прыгожая справаздача?
Тым часам навуковец Сяргей Бесараб прааналізаваў апублікаваную ўладамі справаздачу па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучага пункта захоўвання радыеактыўных адходаў БелАЭС — і сцвярджае, што ў дакуменце ёсць сур'ёзныя праблемы і рызыкі, пра якія афіцыйна амаль не гавораць.
Ці сапраўды праект настолькі бяспечны, як запэўніваюць чыноўнікі? Чаму на вывучэнне трохсотстаронкавай справаздачы грамадскасці далі ўсяго два тыдні? І чым гэта можа пагражаць не толькі Беларусі, але і суседнім краінам?
Пра гэта і не толькі гаворым у жывым эфіры Еўрарадыё. -
Менш чым за два тыдні стала вядома пра закрыццё адразу трох вядомых брэндаў, якія працавалі з беларускай культурнай ідэнтычнасцю, — Honar, Ragna і LSTR. Амаль адначасова з'явілася навіна і пра адмену найбуйнейшага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі "Наш Грунвальд". Гэта лёгка ўспрыняць як шэраг не звязаных паміж сабой падзей. Але ці сапраўды гэта проста супадзенне?
Ці можна ўжо казаць пра сістэмны наступ на беларускасць — праз мову, адукацыю, культуру, святы і сімвалы? Што адбываецца з беларускай ідэнтычнасцю, калі звужаецца прастора для яе праяўлення? І галоўнае — што могуць зрабіць самі беларусы, каб беларускасць не ператварылася ў музейны экспанат або выключна эмігранцкі праект?
Пра гэта і не толькі гаворым з філосафам і грамадскім дзеячам Паўлам Баркоўскім у жывым эфіры Еўрарадыё -
Святлана Ціханоўская заявіла, што не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Ці азначае гэта, што тэма выбараў наогул сыходзіць з беларускай павесткі? Тым часам новы склад Каардынацыйнай рады яшчэ не паспеў як след распачаць працу, але ўжо сутыкнуўся з крытыкай. А наперадзе — Канферэнцыя новай Беларусі, ад якой чакаюць не толькі дыскусій, але і новых ідэй.
Ці своечасовая заява Ціханоўскай? Што не так з працай новай Каардынацыйнай рады? Ці можна вярнуць выбары ў беларускую павестку, ажывіць актыўнасць беларусаў за мяжой і наблізіць момант, калі вымушаныя эмігранты змогуць бяспечна вярнуцца дадому?
Пра гэта і не толькі гаворым з дарадцам Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам у жывым эфіры Еўрарадыё -
Кашуля "ад Лукашэнкі" нечакана дайшла і да храма: у адным з праваслаўных прыходаў немаўля пасля хрышчэння апранулі ў белую кашулю, падораную ў межах прапагандысцкай акцыі "Трэці — бацькаў". Тым часам у эфіры Беларускага радыё змянілі сетку трансляцый: каталіцкая імша засталася на першым канале, але знікла з радыёканала "Культура", дзе яе гадамі слухалі многія вернікі. Здавалася б, гэта розныя гісторыі. Але абедзве яны пра тое, як дзяржава ўсё больш актыўна ўваходзіць у прастору, якая традыцыйна належыць рэлігіі.
Дзе заканчваецца натуральнае супрацоўніцтва дзяржавы і рэлігійных супольнасцей, а дзе пачынаецца выкарыстанне веры для палітычных мэт? Чаму ўлады імкнуцца абапірацца на рэлігійныя сімвалы і аўтарытэт царквы — і ці толькі Беларусь і Расія ідуць гэтым шляхам? Як рэлігію выкарыстоўваюць для падтрымкі дзяржаўнай ідэалогіі ў розных краінах свету, у тым ліку ў ЗША пры Дональдзе Трампе? І што насамрэч азначае паняцце "свецкая дзяржава" — ці сапраўды гэта дзяржава, у якой няма месца рэлігіі, ці ўсё якраз наадварот?
Пра гэта і не толькі гаворым са святаром Аляксандрам Кухтам у жывым эфіры Еўрарадыё -
Паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Шклоўскі раён атрымалася паказальнай. Размовы пра мадэрнізацыю райаграсэрвісаў нечакана суседнічалі з чарговым заклікам масава пераходзіць на ацяпленне пелетамі, а прыродны газ пакінуць "на ўсялякі выпадак".
На фоне дэфіцыту працоўных рук улады тым часам ужо шукаюць новых мігрантаў — цяпер ва Узбекістане. І ўсё гэта адбываецца на фоне росту цэн, скарачэння золатавалютных рэзерваў і ўсё больш прыкметнай эканамічнай канцэнтрацыі краіны вакол Мінска.
Чаму ўлады зноў робяць стаўку на райаграсэрвісы і ці ёсць у такой мадэлі будучыня? Навошта Беларусі працоўныя мігранты з Узбекістана пасля таго, як гісторыя з Пакістанам так і не атрымала працягу? Што адбываецца з інфляцыяй пасля частковага вываду тавараў з-пад цэнавага рэгулявання, чаму так рэзка падаражэла бульба і як на сітуацыю ўплывае чарговае павышэнне коштаў на паліва? Пра што сведчыць змяншэнне золатавалютных рэзерваў, і чаму свежая статыстыка па бізнесе ўсё больш нагадвае гісторыю пра "краіну аднаго горада"?
Пра гэта і не толькі гаворым з эканамісткай Анастасіяй Лузгіной у жывым эфіры Еўрарадыё. -
Хто сёння вызначае, што лічыцца нармальным, а што — недапушчальным? Як жарты, рэклама і медыя нармалізуюць аб'ектывацыю жанчын? Чаму ўжо ў дзевяць гадоў дзеці ведаюць словы, якімі можна прынізіць дзяўчынку?
Што мерч да Года беларускай жанчыны насамрэч расказвае пра стаўленне ўладаў да жанчын? І што гісторыя са злітай перапіскай Ксеніі Сабчак адкрывае не толькі пра яе саму, але і пра тое, як сёння працуюць цэнзура, самацэнзура і адносіны паміж медыя і ўладай?
Абмяркоўваем гэта ў новым выпуску Gender Gap з даследчыцай медыя, улады і гендару Ірынай Сідорскай -
У той час, як еўрапейскія структуры і палітычныя арганізацыі асобных краін ЕС прымаюць рэзалюцыі і даклады пра стан рэпрэсій унутры Беларусі і транснацыянальны пераслед апанентаў Лукашэнкі, частка беларускіх дэмсіл выступае за пачатак дыялогу паміж ЕС і Мінскам. Маўляў, амерыканцы запусцілі перамоўны працэс, які мае вынікі ў выглядзе вызвалення палітвязняў, і Еўропе варта далучыцца да гэтага трэку. Змяніць сваю стратэгію. І калі палітыкі нешта мяняць без адпаведных сігналаў з Мінска не гатовы, то бюракраты пачынаюць мяняць сваё стаўленне да “беларускага кейса”. Не ў лепшы для беларусаў бок — адмаўляючы ў міжнароднай абароне на падставе таго, што “рэпрэсій больш у Беларусі няма”.
Ці варта некалькі выпадкаў адмоў з такой аргументацыяй успрымаць як змену ў міграцыйнай палітыцы асобных краін не на карысць палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі? Ці можна сцвярджаць, што гэта — вынік, у тым ліку, дзейнасці і тых, хто заклікае Еўропу да дыялогу з рэжымам Лукашэнкі? Ці павялічылася пагроза суседнім краінам з боку Беларусі, і ці будзе працягвацца санкцыйны ціск на рэжым? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з прадстаўніком ініцыятывы BELPOL Уладзімірам Жыгарам. -
10 ліпеня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў: украінская выведка фіксуе развіццё вайсковай інфраструктуры ў памежных раёнах Беларусі. Пры гэтым, паводле яго слоў, Расія працягвае аказваць ціск на Беларусь, каб схіліць яе да больш актыўнага ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Але ж усяго некалькі дзён перад гэтым мы чулі словы пра тое, што “Мінск прыслухаўся да заўваг з Кіева”, што “эскалацыя нікому не патрэбная” і што “Лукашэнка разумее небяспеку”…
Што магло прымусіць Украіну ізноў вярнуцца да тэмы пагрозы на мяжы з беларускага боку, і ці можна лічыць агучаныя прадстаўніком памежнай службы звесткі новымі? Ці варта чакаць новых ультыматумаў у адрас Лукашэнкі, і пры чым тут нядаўні саміт НАТО? Як на сітуацыю могуць паўплываць ЗША, Кітай і дэмсілы? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст. -
Расійскі мільярдэр Андрэй Мельнічэнка апублікаваў у часопісе The Economist артыкул, у якім заклікае пасля завяршэння вайны Расіі супраць Украіны стварыць новую сістэму бяспекі ў Еўропе з удзелам… Масквы. У артыкуле шмат разваг пра “суверэнітэт Расіі”, сусветную бяспеку і пагрозы ў выпадку развалу Расіі. Мільярдэр заклікае адысці ад краю бездані, а потым ужо разбірацца, хто правы, а хто вінаваты.
Ці сапраўды развал імперыі, якой, па сутнасці, сёння імкнецца заставацца Расія, нясе пагрозу ўсяму свету, і ці першая гэта імперыя, якой наканавана знікнуць? Ці магчыма проста адысці “ад краю бездані” і такім чынам вырашыць праблему імперскіх амбіцый ды рэваншысцкіх настрояў у Расіі? Які лёс у выпадку захавання Расіі ў нязменным стане чакае яе суседзяў, і асабліва Беларусь? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з кандыдатам гістарычных навук Яўгенам Красуліным -
Увечары 11 ліпеня ў сваім доме ў Вашынгтоне раптоўна пайшоў з жыцця сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм. Амерыканскі палітык, які быў прыхільнікам жорсткай знешняй палітыкі ЗША, выступаў за дэмакратычныя перамены ў Беларусі, падтрымліваў Украіну ў супрацьстаянні ваеннай агрэсіі РФ і Ізраіль у яго барацьбе за выжыванне. Прычынай смерці называецца сардэчны прыступ. Але такая раптоўная смерць міжволі выклікае шмат падазрэнняў і канспіралагічных версій.
Якой была пазіцыя Грэма адносна рэжыму Лукашэнкі і як яго раптоўную смерць каментуюць палітыкі і спецслужбы? Ці стане Крамлю (а магчыма, і Мінску) прасцей дамаўляцца з Вашынгтонам без Грэма, і ці мае гэта значэнне для перамоўнага трэку ЗША з Мінскам? Ці атрымаецца ў Лукашэнкі замяніць беларусаў узбекамі, а ў Трампа — знайсці новых “добрых хлопцаў” у Іране для новых перамоў? Гэтыя ды іншыя тэмы абмяркоўваем у штотыднёвым жывым эфіры Еўрарадыё з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам. -
Новы стартап уладаў — узбекі — Еўразум за 10 ліпеня | Новости Беларуси за 10 июля by Euroradio
-
Адмовы ў наданні заяўнікам з Беларусі міжнароднай абароны здараліся ў Польшчы і раней. І адмовы былі аргументаваны альбо адсутнасцю падстаў для надання заяўніку такога статусу, альбо слабай доказнай фактурай пераследу ці небяспекі. Але адмовы, якія атрымалі беларусы, што падаваліся на міжнародную абарону апошнім часам, выклікалі перасцярогі ў юрыстаў. Прычына ў тым, што адмаўлялі на падставе… паляпшэння палітычнай сітуацыі ўнутры Беларусі.
Ці сапраўды заяўнікам на міжнародную абарону пачалі прыходзіць адмоўныя рашэнні з такім агрунтаваннем: паляпшэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі? Што дае падставы выносіць такія рашэнні і што на гэта кажа кіраўніцтва міграцыйнай службы? Як змяняецца стаўленне да ўцекачоў з Беларусі, і што дэмсілы могуць зрабіць у гэтай сітуацыі? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк - Visa fler