Рукапіс дзённіка напісаны ў турме КДБ і перададзены на волю. У сакавіку 2013 года сябры Ігара Аліневіча выдалі кнігу «Еду ў Магадан» на мове арыгіналу – па-расейску. З ёй аўтар стаў першым лаўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Турэмны дзённік перакладзены на некалькі замежных моваў. Беларускае выданне, дапоўненае новымі артыкуламі, выйшла ў 2017 годзе.
У кнізе аўтар дэталёва апісвае сучасную карную сістэму, дзеліцца практычнымі парадамі, перасцерагае, выказвае ўласныя погляды і прынцыпы.
Упершыню Ігар Аліневіч быў гвалтоўна выкрадзены спецслужбамі ў Маскве 28 ліставада 2010 года. Яго перавезлі ў Мінск і змясцілі ў так званую «амерыканку». Разам з Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам быў абвінавачаны ва ўдзеле ў розных акцыях анархістаў, за што быў асуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Віну не прызнаў. Выйшаў на волю праз 5 год зняволення ў ліку шасці беларускіх палітвязняў згодна з указам аб памілаванні.
Пасля вызвалення Ігар Аліневіч з’ехаў з Беларусі, але ў 2020 годзе вярнуўся. У тым жа годзе яго разам з паплечнікамі затрымалі на мяжы з Украінай і абвінавацілі ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў. Прысуд – 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень пераведзены на турэмны рэжым і адбывае зняволенне ў Следчай турме № 8 Жодзіна
Чытае: Стась Дадэрка