Avsnitt
-
Журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру сумесна зь беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода і ўкраінскім выданьнем «Схемы» вызначылі месцазнаходжаньне расейскага фільтрацыйнага лягера на тэрыторыі Беларусі. Ён разьмяшчаўся ў горадзе Нароўля, што за 40 кілямэтраў ад украінскай мяжы, і дзейнічаў на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Пра гэты лягер у праграме «ПіК Свабоды» расказаў кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.
-
Як зрабіць катастрафічную сытуацыю ў турмах Беларусі больш відочнай у сьвеце? Госьць «ПіКа Свабоды» — блогер Аляксандар Лапшын, якога восем гадоў таму Беларусь выдала афіцыйнаму Баку і які дамогся, каб ААН прызнала гэта незаконным.
-
Saknas det avsnitt?
-
Пра магчымую новую «жалезную сьцяну» ў Эўропе, пра спробы Лукашэнкі зноў стаць «міратворцам» і пра тое, ці мяняецца на Захадзе погляд на Ціханоўскую, разважае прафэсар гісторыі Дэйвід Марплз, спэцыяліст у пытаньнях Беларусі, Украіны і Расеі, які працуе ва Ўнівэрсытэце Альбэрты ў канадзкім Эдмантане.
-
Што зьменіцца на тэлеканале «Белсат» з прыходам на кіроўную пасаду Аліны Коўшык? Як паўплывае на вяшчаньне зьмена статусу «Белсату» — з асобнага каналу ў рэдакцыю замежнага вяшчаньня Польскай грамадзкай тэлевізіі TVP? Ці меў Офіс Ціханоўскай дачыненьне да зьмены кіраўніцтва «Белсату»? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае новая кіраўніца «Белсату», у мінулым прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справе нацыянальнага адраджэньня і вядоўца тэлеканалу Аліна Коўшык.
-
Якой будзе палітыка Дональда Трампа адносна Беларусі? Ці вернуцца налета ў Менск амбасадары заходніх краінаў? Ці пачнецца палітычная «адліга» пасьля 26 студзеня 2025 году? На пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае былы дыплямат, дасьледчык Цэнтру новых ідэй Павал Мацукевіч.
-
Былога каліноўца Васіля Верамейчыка выдалі зь Віетнаму ў Беларусь. Госьці “ПіКу Свабоды” – Вадзім Кабанчук, прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, былы намесьнік камандзіра полку Каліноўскага. А таксама кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.
-
Тэлеканал Белсат перастае існаваць як незалежная адзінка і ператваецца ў рэдакцыю замежнага вяшчаньня Польскага грамадзкага тэлебачаньня TVP. Выконваючы абавязкі дырэктара каналу Аляксей Дзікавіцкі пакідае пасаду датэрмінова. Ці паўплывае новы статус на працу журналістаў і лёс Белсату, і якое дачыненьне да пераменаў на Белсаце мае Сьвятлана Ціханоўская. Пра гэта расказвае Аляксей Дзікавіцкі.
-
19 лістапада таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы прынесьлі чарговае гістарычнае павышэньне курсу даляра ЗША адносна рубля. Новы курс амэрыканскага даляра складае 3,3937 беларускага рубля. Што гэта азначае для людзей у Беларусі, якія па даўняй традыцыі частку заробкаў мяняюць на даляры? З чым зьвязаны рост курсу даляра і ці будзе гэтая тэндэнцыя працягвацца? Адказваюць старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc, эканамістка Анастасія Лузгіна, а таксама эканамічны блогер і прадпрымальнік Аляксандар Кныровіч.
-
Госьць штодзённага эфіру «ПіК Свабоды» — папулярны вядоўца Youtube-каналаў «Жыцьцё-маліна» і «Загляне сонца» Мікіта Мелказёраў. Ён расказвае пра тое, як стаў беларускамоўным у побыце, як яго хэйцілі за тое, што нарадзіўся ў Хабараўску, пра атмасфэру на здымках шоў «Жыцьцё-маліна», калі візажыстка так баялася Пазьняка, што ўцякла праз плот. Мы пачуем, што Мікіта Мелказёраў хоча рабіць у Беларусі, калі адкрыецца рэальнае акно магчымасьцяў.
-
Ці пачнецца «адліга» пасьля 26 студзеня 2025 году? Ці стануць выбары наступнага году кропкай адліку транзыту ўлады? Якімі могуць быць наступствы для Беларусі міру, накінутага Трампам?
На пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае доктар паліталёгіі, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня. -
У сьнежні пройдзе маратон салідарнасьці ў падтрымку палітвязьняў. Якія ёсьць спосабы дапамогі тым, хто за кратамі, і тым хто ўжо выйшаў? І што будзе з палітвязьнямі пасьля 26 студзеня 2025 году? Вольга Зазулінская, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях, кіраўніца фонду «Краіна для жыцьця», расказала, чым гэты маратон будзе адрозьнівацца ад папярэдняга, а таксама ў чым яна бачыць сваю асноўную задачу як прадстаўніца АПК у сацыяльных пытаньнях.
-
Ці гатовая Эўропа сама сябе абараняць? Як прадстаўнікі Эўразьвязу і NATO рыхтуюцца да прыходу новай адміністрацыі ў Злучаных Штатах? Ці вераць яны, што ЗША і ЭЗ будуць мець узгодненую палітыку адносна аўтарытарных рэжымаў, такіх як рэжым Лукашэнкі? Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» расказвае эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
-
Настаўнікі ў расейскіх школах рабілі з фальгі «шлемы, якія абараняюць ад зьнешніх ворагаў», і фатаграфаваліся зь імі на галаве. Указаньне зладзіць такую імпрэзу і выкласьці фота- і відэасправаздачы разаслаў беларускі мастак і пранкер, сам былы настаўнік гісторыі зь Менску Ўладзіслаў Бохан. У чым сэнс такіх розыгрышаў – пра гэта ён расказаў у праграме «ПіК Свабоды».
-
Ці зьменшыцца пасьля выбараў 2025 году інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў? Якія шанцы на новую адлігу? Наколькі імаверна, што пасьля выбараў налета Аляксандар Лукашэнка пачне павольны адыход ад улады? На гэтыя і іншыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксандар Пашкевіч.
-
Пагаварылі са Сьвятланай Ціханоўскай у Страсбуры падчас сусьветнага Форуму за дэмакратыю пра тое, як пасьля прыходу Трампа зьменяцца адносіны ЗША з дэмакратычнымі сіламі, пра тое, што варта, а што ня трэба рабіць да выбараў 2025 году, якія носяць несвабодны характар. Ціханоўская называе кампанію ўладаў «мілітарнай апэрацыяй» і заклікае беларусаў захаваць сябе, пакуль ня зьявіцца акно магчымасьцяў.
-
Якую ўгоду можа заключыць Трамп з Лукашэнкам? Якой можа быць трампава формула міру ва Ўкраіне? Якім будзе месца Беларусі ў гэтай формуле? На пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае паліталагіня, даследчыца Вірджынскага палітэхнічнага універсітэту ў Вашынгтоне Кацярына Шмаціна.
-
Ці ёсьць прынцыповая розьніца – галасаваць супраць усіх ці цалкам байкатаваць абвешчаную ўладамі прэзыдэнцкую кампанію? Ці можа выбар тактыкі на нешта паўплываць у сытуацыі, калі ўжо 30 гадоў выбары ў Беларусі не былі сумленнымі, празрыстымі і свабоднымі і калі амаль з кожнай выбарчай кампаніяй міжнародныя арганізацыі адзначалі пагаршэньне іх умоваў? Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» спрачаюцца намесьнік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях транзыту ўлады Арцём Брухан і прадстаўнік руху «Вольная Беларусь», палітоляг Павал Вусаў.
-
Што адбываецца, калі заключаеш угоду з рэжымам і вяртаесься на радзіму. Пра актуальнае гучаньне рамана Сашы Філіпенкі для беларусаў пагаворым з самім пісьменьнікам. Спэктакль паводле «Крэмулятара» неўзабаве пакажуць у Празе. Пісьменьнік лічыць, што зьмены ў Беларусі зробяць людзі, якія жывуць у Беларусі, а таксама гаворыць пра тое, як могуць паўплываць на сытуацыю ў Беларусі вынікі выбараў у ЗША.
-
Амэрыканіст, дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі тлумачыць, чаму беларусам варта сачыць за выбарамі ў ЗША. Ужо праз тыдзень амэрыканцы абяруць новага прэзыдэнта. Якімі інструмэнтамі ўплыву на сытуацыю ў Беларусі валодае Амэрыка і чым адрозьніваюцца стратэгіі Камалы Гарыс і Дональда Трампа.